Каб дзеці былі здаровымі
У паспяховым развіцці дэмаграфічнай сітуацыі вельмі вялікую ролю адыгрывае медыцынскае абслугоўванне
насельніцтва, і ў прыватнасці дзіцячага, стварэнне добрых ўмоў для прафілактыкі і лячэння.
У гэтым плане старадарожскі каляндар 2010 года адзначаны радаснай навіной: не так даўно пасля
рамонту адчыніла дзверы для юных пацыентаў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Гэтай падзеі яно
чакала вельмі даўно, і вы-гляд памяшканняў, скажам проста, сэрца не саграваў. Цяпер жа ўсё зусім інакш.
Днямі з умовамі прабывання маленькіх старадаражан у стацыянары пазнаёміўся старшыня райвыканкама Сцяпан
Чачуха. Прасторныя светлыя палаты і калідоры, гульнявы пакой, куток адпачынку, чысцюткая новенькая
сталовая — усё гэта суцішыць дзіцячае засмучэнне ад невясёлай сітуацыі, якая называецца “паклалі ў бальніцу”.
А яшчэ кіраўнік мясцовай адміністрацыі занатаваў для сябе, што трэба б сюды цацак паболей ды дамашні
кінатэатр, каб дзятва не сумавала.
— Скаргаў ніякіх няма,— дзеліцца ўражаннямі Вольга Дражына, мама маленькай Хрысціны. — Лечаць і кормяць добра, стаўленне медыкаў таксама харошае. Усё навокал чыста, прыгожа. У такіх умовах і выздараўленне ідзе хутчэй…
Ёсць тут і сучасныя боксы для немаўлятак з мамамі, і палата павышанай камфортнасці — з тэлевізарам, халадзільнікам, столікам для спавівання з падагрэвам. Кошт знаходжання ў ёй—6 620 рублёў у суткі.
— Вельмі радасна, што дзеці змогуць лячыцца ў добрых умовах,—кажа галоўны ўрач раённай бальніцы Ядвіга Ляшковіч. — Здароўе іх цяпер, на жаль, не вельмі моцнае, зніжаны імунітэт. Асаблівасць цяперашняй зімы — прастудныя захворванні, пнеўманіі. Толькі ў студзені мы налічылі чатырнаццаць выпадкаў, а раней за зіму бывала толькі з дзесятак…
На рамонт затрачана 320 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту, на абсталяванне — каля 100 мільёнаў. Аддзяленне разлічана на дваццаць ложкаў, фактычная змяшчальнасць — дваццаць чатыры. Гэта поўнасцю задавальняе патрэбы сённяшняга дня.
Іна КАНДАУРАВА.
Фота Нэлі АСТРЭЙКІ.
|